ВАЎКАВЫ́СКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя навучальная ўстанова ў г. Ваўкавыск у 1909—18. Засн. на базе прыватнай агульнаадук. навуч. установы 1-га разраду. Тэрмін навучання 7 гадоў. У 1913/14 навуч. г. вучылася 265 выхаванак. Выкладаліся рус., франц. і ням. мовы, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, рукадзелле, графічнае мастацтва, правапіс, спевы. Сярод настаўнікаў выпускнікі ун-таў Варшавы, Кіева, Адэсы, С.-Пецярбурга, Маскоўскіх вышэйшых курсаў і Варшаўскага Аляксандраўска-Марыінскага ін-та. Існавала на зборы за навучанне. Плата ў малодшых класах складала 80 руб., у астатніх — 100.
А.Ф.Самусік.
т. 4, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)